БІБЛІЯТЭ́ЧНЫ КАЛЕ́КТАР,
спецыялізаванае кнігагандлёвае прадпрыемства для забеспячэння бібліятэк новымі выданнямі. Створаны ў 1920 у Расійскай Федэрацыі, потым на ўсёй тэр. СССР для бясплатнага размеркавання кніг сярод б-к. З 1931 камплектаванне б-к стала платнае, вялося на аснове дагавораў з б-камі з улікам іх тыпу, профілю, складу абслугоўваемага насельніцтва. Асн. задача: дапамога ў камплектаванні фондаў б-к шляхам збору заказаў на л-ру па тэматычных планах выд-ваў. Бібліятэчныя калектары вывучаюць попыт б-к, праводзяць бібліягр. агляды кніг, сустрэчы з аўтарамі і выдаўцамі.
На Беларусі бібліятэчныя існавалі ва ўсіх абл. цэнтрах у структуры абл. кнігагандлю. З 1991 у сувязі са скарачэннем у некаторых гарадах кнігагандлю бібліятэчныя калектары становяцца самаст. ўстановамі або ліквідуюцца.
Т.І.Папова.
т. 3, с. 146
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)